Тыдзень беларускай мовы і літаратуры
16.02.202616 лютага ў рамках Тыдня роднай мовы ва УА "Магілёўская дзяржаўная санаторная школа-інтэрнат для дзяцей, хворых на скаліёз" адбылося мерапрыемства “Гучы, мая родная мова!” , прысвечанае Міжнароднаму дню роднай мовы, які заснаваны ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года і штогод адзначаецца 21 лютага.
Зранку вучні і настаўнікі атрымалі паштоўкі “Гавары са мной па-беларуску”. Мэта акцыі: падтрымаць цікавісць да беларускай мовы і літаратуры.
У фае школы была аформлена тэматычная выстава “Слова роднае, мілагучнае і пяшчотнае”, на якой былі прадстаўлены кнігі як класікаў беларускай літаратуры, так і сучасных беларускіх пісьменнікаў. Гучалі песні на роднай мове.
На перапынках вучаніцы 8 класа Скобава Марыя, Сафоненка Сафія і Тарчыла Анастасія правялі сярод вучняў і настаўнікаў бліц-апытанне “Любімае слова на беларускай мове”. У выніку апыту прагучалі словы: пяшчота, каханне, дзякуй, калі ласка, зорачка, сонейка, натхненне і іншыя.
Агульны душэўны настрой усяму дню надала літаратурная гасцёўня “Гучы, мая родная мова!” з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Вольгай Юр’еўнай Бяловай. Сустрэча стала незабыўнай падзеяй для навучэнцаў установы. Падчас сустрэчы вучні адчулі любоў пісьменніцы да слова і мастацтва. Вольга Юр’еўна распавядала пра свой творчы шлях, стаўленне да жыцця, да Радзімы, пазнаёміла са сваёй новай кнігай “Савелій Ліхтарык і Чароўная фарбачка”, прыадчыніла таямніцу стварэння сюжэту і герояў, адказала на пытанні.
Сустрэча дазволіла вучням і настаўнікам пагрузіцца ў магічны свет твораў Вольгі Бяловай, адчуць прыгажосць і сілу роднага слова, пакінула незабыўныя ўражанні і надзею на новую сустрэчу з пісьменніцай і яе творамі.